від узнагароды за баявыя заслугі. У Рас. імперыі вядома з 18 ст.: Залатая з брыльянтамі (1720—1913) і Залатая з надпісам «За храбрасць» (1788—1913); таксама былі паўторныя ўзнагароды Залатой зброяй. Паводле палажэння 1859 яе атрымлівалі афіцэры ад прапаршчыка да генерала, але ў обер-афіцэрскіх чынах узнагароджваліся тыя, хто ўжо быў адзначаны ордэнам св. Ганны ці св. Георгія 4-й ступені. З 1878 дазвалялася замест Залатой зброі з брыльянтамі насіць Залатую зброю з крыжам ордэна св. Георгія ў чашцы ці на эфесе. З 1880 уладальнікі Залатой зброі з брыльянтамі павінны былі насіць крыж ордэна св. Ганны 4-й ступені (1815—1917) у чашцы ці пад эфесам гэтай зброі. Існавалі і нестатутныя («фрачныя») варыянты Залатой зброі. У 20 ст. У.з. атрымала назву Георгіеўская зброя і Георгіеўская зброя з брыльянтамі (1913). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 імператарскія вензелі на эфесе ліквідаваны, на галоўцы эфеса з’явіўся белы эмалевы крыж ордэна св. Георгія. Від і тып У.з. залежаў ад прынятай на ўзбраенне штатнай халоднай зброі (корцік, палаш, шабля, шпага). Найб. масавыя ўзнагароджанні Георгіеўскай зброяй без брыльянтаў адбыліся ў 1-ю сусв. вайну (каля 5,7 тыс.). Адным з кавалераў У.з. за рус.-яп. вайну 1904—05 быў камандзір сфарміраванага на Беларусі 1-га Польскага корпуса легіянераў Ю.Р.Доўбар-Мусніцкі. У 1919—29 існавала таксама Ганаровая рэв. зброя — Залатая зброя з ордэнам Чырв. сцяга для вышэйшых начальніцкіх асоб: шашка (корцік, 1919, 1920—21, 1929) і рэвальвер (1921). Працягам практыкі У.з. стала імянная зброя. У 1968 зацверджана Ганаровая зброя з залатой выяваю Дзярж. герба СССР. У.з. існавала і ў інш. краінах (напр., у Эфіопіі — залаты шчыт з шабляй, якім у 1898 быў узнагароджаны А.К.Булатовіч, выхадзец з патомных дваран Гродзенскай губ.).
Літ.:
Дуров В.А. Русские и советские боевые награды: [Альбом]. Б.м., 1990;
Яго ж. Русское наградное оружие XVIII — начала XX вв. М.;
Смоленск, 1994.
І.І.Сінчук.
Да арт.Узнагародная зброя. Крыж ордэна св. Георгія III ступені і ўзнагародная шабля «За храбрасць», якія належалі Я.П.Кульневу.Да арт.Узнагародная зброя. Георгіеўская зброя «За храбрасць», якая належала Ю.Р.Доўбар-Мусніцкаму (фрагмент).